07

Лістапад

Інтэрв'ю з кіраўніцай "Кроплі" - Вольгай Севярынец

Прапаведаваць Хрыста можна па-рознаму: можна дабравесціць на працы, можна выйсці на вуліцу і раздаваць хрысціянскую літаратуру, можна наведваць лякарні і турмы, а можна… гандлюючы ў інтэрнэт-краме.

Вось такі спакуслівы пачатак прыдумалі аўтары з хрысціянскай газеты "Колокол", дзе выйшла інтэрв'ю пра "Кроплю".

1. Як прыйшла ідэя стварэння гэтай інтэрнэт-крамы? У чым вы бачыце сваю місію?

Першы раз такая думка прыйшла тады, калі мы выдавалі дзіцячую кнігу “Беларуская хрысціянская азбука”. Нашу кнігу не хацелі прымаць у праект, бо яна была хрысціянская. І мы падумалі, што добра было б мець краму ці платформу, дзе без праблем маглі б рэалізоўвацца хрысціянскія праекты. Праз паўтара гады мы адчынілі “Кроплю.бай”. Зараз наша крама фінансава падтрымлівае хрысціянскі інфармацыйны партал “Крыніца.інфо”. Думаю, у будучыні мы зможам падтрымліваць і іншыя хрысціянскія беларускія праекты. 
Апроч гэтага сваю місію я бачу ў кропельках святла, знаках, якія праз нашыя рэчы могуць камусьці нагадаць пра Бога. Часам, калі рыхтую новую рэч ці распрацоўваю ідэю, уяўляю як стомлены чалавек вяртаецца дадому, едзе ў метро, занурыўшся ў свае думкі, падымае вочы і бачыць цішотку хлопца ці дзяўчыны насупраць: “Усё магу ў Хрысце, Які мяне ўмацоўвае”, “Бог ёсць Любоў”, “Ісус чакае цябе”. Таму хіба яшчэ адна мэта нашай крамы мяккая евангелізацыя, і я спадзяюся, што Госпад сапраўды можа прыходзіць праз нашыя рэчы ў жыццё іншых людзей. 
“Кропля” унікальная яшчэ і тым, што гэта адзіная ў Беларусі крама хрысціянскіх рэчаў па-беларуску. 

2. Распавядзіце пра сваю каманду. Колькі ў ёй чалавек? Хто яны?

Займаемся крамай толькі мы сваёй сям’ёй: у нас дома ўжо цэлы склад, я асвоіла вядзенне бугалтэрыі, мой дзень пачынаецца з адкрыцця касавага апарата, муж сам развозіць замовы. Зараз гэта выглядае так, але на розных этапах стварэння “Кроплі.бай” нам дапамагалі цудоўныя людзі, з якімі мы зараз сябруем і якія працягваюць падтрымліваць нас сваёй працай. Сайт нам распрацаваў вернік грэка-каталіцкай царквы Юльян Місюкевіч, пры чым зрабіў гэта абсалютна бясплатна. Дызайн распрацоўвае Мікіта Каваленка, ён з пратэстанцкай царквы “Троіца” – з ім мы пазнаёміліся, калі Мікіта патэлефанаваў і сказаў, што хоча дапамагаць нам на “Кроплі” і праз гэта служыць Госпаду. Такія людзі натхняюць. Таксама мы супрацоўнічаем з рамеснікамі, большасць з якіх веруючыя людзі, для нас гэта важна. Напрыклад, Віталь з баранавіцкай пратэстанцкай царквы, у яго свой сайт хрысціянскіх сувеніраў zapodarkom.by, але ён паспявае рабіць рэчы і для нас. З вернікамі працаваць адно задавальненне – гэта адказныя людзі і добрыя прафесіяналы.

3. Маглі б вы распавесці трохі пра тое, што Бог зрабіў у вашым жыцці, у жыцці людзей з вашай каманды?

Вельмі-вельмі шмат. У нашай сям’і было шмат выпрабаванняў – але Госпад усё можа перамяніць на святло. Я вучуся давяраць Яму ва ўсім. Бог даў мне неверагоднага, моцнага верай мужа, падарыў нам цудоўных дзетак, Ён аздаравіў мяне ад сур’ёзнай хваробы і Ён клапоціцца нават пра самыя малыя рэчы. Госпад такі Вялікі і Неспасцігальны, я вучуся быць удзячнай Яму за ўсё і хачу сваімі справамі служыць Яму. “Кропля.бай” – гэта служэнне. Я вельмі хачу, каб людзі пабачылі прыгажосць Яго слова і прыгажосць роднага слова.

4. Ці ёсць у вашай каманды дэвіз ці крэда, якога вы трымаецеся ў сваім жыцці і працы?

Словы, якія вісяць у мяне над працоўным сталом “І ўсё, што-б ні рабілі, рабіце, як для Госпада, а не для людзей”. Мы стараемся рабіць якасна і крэатыўна тое, што робім. З досведу ведаю, што часам хрысціяне маюць цудоўныя ідэі і праекты, але ім не хапае досведу ў рэалізацыі. 
Мы ў сваёй камандзе і працы трымаемся таксама міжканфесійнасці – ня важна якой ты канфесіі, мы з адкрытым сэрцам запрашаем усіх. Тое ж і з рэчамі на “Кроплі” – мы стараемся, каб яны па сваім сэнсе адпавядалі кожнай з канфесіяў. Мы засяроджваемся на тым, што нас яднае. 

5. У вас вельмі цікавая падача хрысціянскіх праўдаў і біблейскіх слоў. Напрыклад, надпіс на кружцы: "Не дапускайце абязбожвання арганiзму". Як вы прыдумляеце афармленне сваіх сувеніраў?

Усе свае рэчы мы распрацоўваем самі, прапанова хрысціянскіх беларускамоўных тавараў вельмі малая. Часам дзесьці падглядаем ідэі, акурат гэты выраз “Не дапускайце абязбожвання арганізму” я пабачыла на прасторах інтэрнэту. Часта проста бярэм цытату, якая падабаецца, распрацоўваем дызайн, шукаем дзе і як рэалізаваць ідэю. Увесь час запрашаем да супрацы рамеснікаў і проста жадаючых пакрэатывіць. Нам нават самі пакупнікі прапаноўваюць ідэі, кажуць, было б добра яшчэ мець вось гэта і вось гэта. Зараз мы працуем над серыяй паштовак, а таксама да Новага года рыхтуем матывацыйны штодзённік з хрысціянскімі цытатамі, трэкерам, ды тэкстамі па духоўным самаразвіцці.

6. Ці ведаеце вы якія-небудзь цікавыя гісторыі, звязаныя з вашай прадукцыяй, ці водгукі пра яе?

Самым цікавым пакупніком, напэўна, быў місіянер, які набываў падарункі для працы ў Кітаі. Папрасіўся прыйсці да нас дадому, каб разгледзець усё дасканальна і вызначыцца з падарункамі, але выбраў не самы лепшы час – у той вечар быў фінал Чэмпіянату свету па футболе. Аматары футбола зразумеюць :) Ён выбіраў рэчы роўна дзве гадзіны, пакуль гульня ня скончылася. Скупіў паў-крамы. Мы яго добра запомнілі :) Спадзяюся, не пакрыўдзіцца, калі прачытае, зараз мы сябруем. 
А калі мы прыдумвалі назву для крамы, то перабіралі розныя варыянты – сэнс.бай, скарб.бай і іншыя, але гэтыя варыянты ўжо былі занятыя. Пазней прыдумалі “Кроплю”, а хтосьці з пакупнікоў падхапіў: “Гэта таму што кропля камень точыць?”. Нам спадабалася, так і засталося. 
Запрашаем да нас у “Беларускую Хрысціянскую Краму”.

Крыніца kolokol.net

Рассылка

Падпісвайцеся на нашую рассылку, каб атрымліваць актуальную інфармацыю пра новыя паступленні тавару, спецыяльныя прапановы і іншую інфармацыю пра зніжкі і акцыі.

ІП Севярынец Вольга Францаўна, УНП 691412480. 222395, Мінская вобл., Мядзельскі р-н, к. п. Нарач, вул. Кастрычніцкая 5-5.

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 691412480 ад 04.12.2017 г., выдадзена Мядзельскім райвыканкамам. Інтэрнэт-крама kroplia.by зарэгістравана ў Гандлёвым рэестры РБ  01.02.2018 г.

Распрацоўка: i@juljan.by