25

Кастрычнік

Сем прычынаў не хандрыць увосені

Мы ўспрымаем восень як пару пахмурную і панылую. “Вось і восень прыйшла…” – скажа беларус, уздыхне і ўцягне галаву ў плечы. А між тым ёсць самаменш сем прычынаў лічыць восень – так-так, менавіта восень! — часам радасці, супакою, моцы ды прыгажосці.

I. Максімум вітамінаў

Насамрэч, адмыслоўцы аднадушныя: менавіта ўвосені, пасля саспявання большасці відаў садавіны ды гародніны, у нашым арганізме назапашваецца максімум вітамінаў, пакліканых рабіць чалавечае жыццё больш энергічным і насычаным. Навошта хандрыць – калі самы час расправіць плечы, усміхнуцца і натхнёна ўзяцца за справу!

maxresdefault

II. Дом і сям’я

Восень – час, калі светлы час сутак няўмольна скарачаецца. Рана цямнее. Халадае. Дажджы. І куды мы хаваемся ад цемры ды непагадзі? Слушна – дахаты! Восень – найлепшы час для ўтульных вечароў дома з сям’ёй. Тое, на што не хапала часу ўвесну ды ўлетку з заўсёднымі клопатамі – увосені мае расквітнець ля сямейнага агмяня.

1472388423

III. Прыгажосць прыроды

У гэтым месцы чытач развядзе рукамі і згодна кіўне: чаго не адымеш у восені, дык гэта каляровага лісця ў парках, празрыстых даляглядаў, залатых лясоў ды грыбнога палявання. Удыхніце на поўныя грудзі – гэта ж восень!

books

IV. Чытаем класіку

Увогуле, класікі ведалі толк у восені – яе апявалі і антычныя паэты, і Багдановіч з Гарэцкім,  і Караткевіч з Юрыем Шаўчуком. Велічная, з дымком жыццёвай мудрасці, восень – найлепшы час на чытанне ды перачытванне вечнага. Бібліі. Паэмаў. Раманаў.

03d387673a24f4f

V. Новы сезон

У школьнікаў ды студэнтаў, тэлевізійнікаў ды прадпрымальнікаў, спартоўцаў ды службоўцаў менавіта восень, час пасля вакацыяў і адпачынкаў – пачатак новага году. Новыя знаёмствы, мары, задачы, магчымасці – гэта восень. Працяг улюбёных фільмаў ды новы сезон Лігі Еўропы з БАТЭ – гэта восень, спадарства!

iraivanovadesign_autumn_decor_home_photo1

VI. Чаканне цудаў

Восень, пара перад святамі Раства Ісуса Хрыста, з пачаткам Філіпава посту ў праваслаўных і светлага адвэнту ў каталікоў, з угодкамі Рэфармацыі ў пратэстантаў, стварае непаўторную атмасферу асаблівага малітоўнага настрою – і чакання цудаў. Згадайце хаця б дзень, калі выпадае першы снег.

IMG_4666-Edit

VII. Самы час сказаць: “Добра!”

Як і ў біблійным аповедзе пра стварэнне свету, у кожнага чалавека ёсць свой час на падсумаванне вынікаў, збор ураджаю ўласных справаў, калі мы можам паглядзець на зробленае і сказаць сабе: “Добра!” Восень напрыканцы года – выдатны час для агляду поспехаў, выпраўлення памылак… і ціхай радасці ад падоранага Госпадам жыцця.

krynica.info

Рассылка

Падпісвайцеся на нашую рассылку, каб атрымліваць актуальную інфармацыю пра новыя паступленні тавару, спецыяльныя прапановы і іншую інфармацыю пра зніжкі і акцыі.

ІП Севярынец Вольга Францаўна, УНП 691412480. 222395, Мінская вобл., Мядзельскі р-н, к. п. Нарач, вул. Кастрычніцкая 5-5.

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 691412480 ад 04.12.2017 г., выдадзена Мядзельскім райвыканкамам. Інтэрнэт-крама kroplia.by зарэгістравана ў Гандлёвым рэестры РБ  01.02.2018 г.

Распрацоўка: i@juljan.by